Іван Пятровіч Шамякін (30.01.1921–14.10.2004) – народны пісьменнік Беларусі. Ён нарадзіўся ў в. Карма Гомельскага павета Магілёўскай губерні ў сям'і лесніка. Пасля заканчэння сямі класаў паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. У час вучобы актыўна ўдзельнічаў у пасяджэннях літаб'яднання пры газеце "Гомельская праўда". У 1940 г. быў накіраваны на працу ў Беласток. Праз некаторы час I. Шамякіна прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у зенітна-артылерыйскай часці пад Мурманскам. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам, Кандалакшай, Петразаводскам, у вызваленні Польшчы. У афіцэрскім званні закончыў вайну. Пасля дэмабілізацыі настаўнічаў у в. Пракопаўка Церахоўскага раёна.
У 1946 г. паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута імя В. Чкалава. У 1950 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б і ў хуткім часе пераехаў у Мінск. Быў прызначаны старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, працаваў галоўным рэдактарам альманаха "Советская Отчизна". Шмат гадоў I. Шамякін знаходзіўся на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1954–1980).
У 1980–1992 гг. з'яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, узначальваў Вярхоўны Савет БССР (1971–1985). У 1963 г. уваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на ХVIII сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Мастацкія творы I. Шамякін пачаў пісаць у тэхнікуме. Першае апавяданне "У снежнай пустыні" (1944) прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Наступны твор – аповесць "Помста" (1945) – адлюстроўвае ўсенародную барацьбу супраць фашысцкіх захопнікаў. Гуманістычнае асэнсаванне вайны як усенароднай трагедыі знайшло ўвасабленне ў першым рамане "Глыбокая плынь" (1947–1948). Самым маштабным у беларускай літаратуры творам стала пенталогія "Трывожнае шчасце" (1957–1965), дзе лес герояў асацыіруецца з лесам усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, у цяжкіх пасляваенных умовах аднаўлення народнай гаспадаркі. У аповесцях "Шлюбная ноч" (1975), "Гандлярка і паэт" (1976), рамане "Зеніт" (1987) І. Шамякін паказвае, чым стала вайна для жанчын, якія вытрабаванні выпалі на іх долю.
На працягу шматлікіх дзесяцігоддзяў пісьменнік уздымаў найважнейшыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы, актуальныя пытанні, якія хвалявалі грамадства. Яго творы прасякнуты пафасам сцвярджэння маральных каштоўнасцей. У іх гарманічна спалучаюцца дынамічнае развіццё сюжэта, філасофскі аналіз жыццёвых праблем і глыбокае пранікненне ў псіхалогію чалавека. Раманы пісьменніка "Сэрца на далоні" (1963), "Снежныя зімы" (1968), "Атланты і карыятыды" (1974), "Вазьму твой боль" (1978) і іншыя творы ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.
Падзеі 1990-х гг. выклікалі ў празаіка трывожныя пачуцці, што знайшло адлюстраванне ў аповесцях "Ахвяры" (1990), "Падзенне" і "Сатанінскі тур" (1995), "Палеская мадонна" (1998), рамане "Злая зорка" (1991) і інш. У 1999 г. выйшла з друку аповесць "Слаўся, Марыя!", прысвечаная жонцы пісьменніка.
Іван Шамякін з'яўляецца таксама аўтарам п'ес, якія вызначаюцца шырокім падзейна-тэматычным і ідэйна-пафасным дыяпазонам. Сярод іх – "Не верце цішыні" (пастаўлена ў 1958 г.), "Экзамен на восень" (пастаўлена ў 1974 г.), "Залаты медаль" (пастаўлена ў 1980 г.) і інш.
Літаратурная дзейнасць пісьменніка атрымала прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далека за межамі нашай краіны. Многія яго творы перакладзены на розныя мовы свету. Па некаторых з іх зняты кінафільмы, пастаўлены тэатральныя спектаклі.