|
Беларускі паэт, празаік і перакладчык. Нарадзіўся 25 верасня 1913 года ў мястэчку Нобель Пінскага павету Мінскай губерні (цяпер Зарэчнянскі раён Ровенскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям'і. У 1914г. разам з бацькамі пераехаў у мястэчка Глуск на Магілеўшчыне. У 1930г. пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931—1932 г.г. працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце «Чырвоная змена». Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэту Мінскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ. Дэбютаваў вершам у 1926 годзе, але першы зборнік “Дзень нараджэння” выйшаў у 1958 годзе. З тае пары выдадзена каля шасцідзесяці кніг С. Грахоўскага – паэзія, проза, публіцыстыка успаміны, эсэ, пераклады, кнігі для дзяцей. Найбольш поўна творчасць пісьменніка прадстаўлена ў 2-х томніках 1973, 1983 і 1994 гадоў і ў выданні “Выбраныя творы” (выд. “Кнігазбор”, 2007г.) У 1956—1973 г.г. працаваў на радыё, у часопісах «Бярозка» — загадчык аддзела рэдакцыі (1957-1959), «Вясёлка» (1960-1973); літкансультантам СП БССР (1959-1960). У 1973—1974 г.г. адказны сакратар Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Член СП СССР з 1956года. З 1974 на пенсіі і актыўна займаўся літаратурнай і грамадскай працай літаральна да апошніх дзён жыцця. Больш за поўвека актыўна супрацоўнічаў з радыё і тэлебачаннем. У 80-ых гадах вёў рэгулярную літаратурна-адукацыйную тэлеперадачу “Літаратурная Беларусь”.Успаміны пра вядомых і дачасна загінуўшых літаратараў змясціліся ў кнізе “Так і было”. Па дакументальнай аповесці «Рудабельская рэспубліка» пастаўлены спектаклі тэатрамі імя Я. Купалы і Гомельскім абласным драматычным у 1968г.; у 1972г. створаны аднайменны кінафільм. Пераклаў на беларускую мову «80 000 кіламетраў пад вадой» Ж. Верна (1937, з Ю. Лявонным), аповесць «Ваенная тайна» А. Гайдара (1936), раман «Крушэнне» Р. Тагора (1958), «Выбраныя вершы і паэмы» А. Блока (1980), кнігу лірыкі М. Дудзіна «Пасля спаткання» (1984), асобныя творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, Я. Райніса, С. Ясеніна, Лесі Украінкі, П. Варанько, М. Забалоцкага, А. Твардоўскага, М. Ціханава, М. Ісакоўскага, Р. Гамзатава, А. Венцловы, Т. Масэнкі, М. Нагнібеды, У. Сасюры, Я. Судрабкална і інш. паэтаў. Заслужаны работнік культуры БССР (1983), лаўрэат Літаратурная прэмія СП БССР імя А. Куляшова (1983) за зборнік «Асеннія гнёзды», Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Коласа (1992) за зборнік «Споведзь», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1994).
Ніна Мацяш нарадзілася 20 верасня 1943 года ў в. Нівы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці Ў сялянскай сям’і. Беларуская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу (1960), паступіла на факультэт французскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. У 1973—1977 г.г. працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрскай прафесійна-тэхнічнай навучальні. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1971). Дэбютавала вершам у 1962 (бярозаўская раённая газета «Маяк камунізму» і «Во славу Родины»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (вершы і паэма, 1973), «Ралля суровая» (вершы і пераклады, 1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Паварот на лета» (выбранае, 1986), «Шчаслівай долю назаві» (1990) і казак «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982). Напісала п’есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (пастаўлена ў 1976), «Крок у бессмяротнасць» (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнарыі пра творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі «Пясняр роднай прыроды» (пастаўлены ў 1978) і Р. Кента «Гэта я, госпадзі» (пастаўлены ў 1980). Перакладала з нямецкай, польскай, французскай. У яе перакладзе выйшлі кніжкі Ж. Аліўе «У краіне індзейцаў» (1973), А. Гаўрылюка «Песня з Бярозы» (1979), Ж. Сіменона «Першая справа Мегрэ» (1982), А. дэ Сент-Экзюперы «Планета людзей» (1984) і «Маленькі прынц» (1989), навелы Г. дэ Мапасана (1987), паэма «Маруся Чурай» Л. Кастэнка (1989). Узнагароджана медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя А. Куляшова (1984) за «Паэму жніва», прэміі Усебеларускага фестывалю моладзі, прысвечанага 50-годдзю ЛКСМБ (1970) за вершы аб моладзі, Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2009, пасмяротна) за зборнік «У прыгаршчах ветру».
Анатоль Грачанікаў нарадзіўся 8 верасня 1938 года ў в. Шарпілаўка Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. Беларускі паэт і перакладчык. З 1965 год − член Саюза пісьменнікаў СССР. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за зборнік вершаў «Грыбная пара», Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара». У 1960 годзе скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, у 1969 годзе – Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў інжынерам на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе (1960—1962), намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкома камсамола (1962—1965), першым сакратаром Гомельскага гаркома камсамола (1965—1967). З 1969 года − супрацоўнік рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», загадчык аддзела літаратуры, з 1971 − намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, з 1976 − галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1978 − часопіса «Бярозка», з 1982 − часопіса «Маладосць». Друкавацца пачаў з 1957 года.Першая кніга вершаў «Магістраль» выйшла ў свет у 1964 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты...» (выбраная лірыка, 1979), «Палессе» (1983), «Верасень» (1984), «Я вас люблю...» (1986), «Жнівень-45» (1990). Напісаў кніжку сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988). Выдаў кніжкі для дзяцей «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (казкі, 1985), «Зорны палёт» (вершы, казкі, легенды, 1988). У 1988 г. выйшла «Выбранае». Анатоль Грачанікаў – аўтар тэкстаў папулярных песень. Выдадзены на рускай мове зборнік паэзіі «Звезды и курганы» (Масква, 1976) адзначаны прэміяй на Усесаюзным літаратурным конкурсе імя М. Астроўскага (1978). А.С. Грачанікаў пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з Э. Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў «Ватан - значыць Радзіма» (1987), М. Пацхішвілі «Рагатун і рагатуха» (1989), а таксама асобныя творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін.
Количество просмотров:
|
|