Аляксей Якімовіч — празаік, драматург. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1990 года. Нарадзіўся 15 кастрычніка ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і..
Друкуецца з 1967 года. Піша пераважна для дзяцей. У першай кніжцы «Гордзіеў вузел, альбо Нявыдуманыя гісторыі з жыцця Алеся Пятрашкі» (1987) прагледжваецца настаўніцкі клопат пра культуру педагагічнай працы, пра спосабы выхавання і пошук найбольш эфектыўных метадаў стымулявання цікавасці падлеткаў да вучобы.
Пошук неардынарных сюжэтаў, прыцягальных для школьнікаў, вымушае пісьменніка звярнуцца да жанру фантастыкі. У аповесці «Эльдарада просіць дапамогі» (1989) разгортваюцца прыгоды вясковых вучняў, якім выпала весці барацьбу з сапраўднымі злачынцамі.
Не менш цікавы сюжэт і ў прыгодніцка-фантастычнай аповесці А. Якімовіча «Сакрэт Тунгускага метэарыта» (1993). У творы найперш уздымаюцца экалагічныя праблемы, да асэнсавання якіх чытач падыходзіць нязмушана, але назваротна. Каб разгадаць «таямніцу веку» двум вясковым падлеткам давялося здзейсніць падарожжа на планету Сіз.
Чарговая кніга пісьменніка «Пастка для пярэваратня» (1997) раскрывае старонкі беларускай гісторыі, знаёміць з падзеямі ХІV стагоддзя, што адбываліся на Панямонні.
Фактычна ў кожным творы аўтар выпрабоўвае новыя мастацкія прыёмы і метады. Яскравым сведчаннем таму сталі і наступныя яго кніжкі: «Калі кукавала зязюля» (прыгодніцка-гістарычныя аповесці, 2013), «Залатая дзіда. Рыжык» (2013), «Металічны чалавек» (2016), «Сем гісторый пра Воўка і Вожыка» (2016), «Мой сябар Дон Кіхот» (2018), «Прыгоды Белай Мышкі» (2018), «Матэматычныя казкі-падказкі» (2018) і інш.
Аўтар п’ес «Чарадзейныя суніцы» (паст. 1993), «Хітрыкі Бабы Ягі» (паст. 1994), «Апошні дыназаўрык» (паст. 1995), «Маўглі» (паст. 1999).
Творчасці Аляксея Якімовіча ўласціва тонкае адчуванне духоўнага свету і псіхалогіі дзяцей. Не гледзячы, што творы пісьменніка розных жанровых форм, яны напоўненымі пазнавальным зместам, здольныя выклікаць цікавасць, узбагачаць інтэлектуальна, выхоўваць лепшыя чалавечыя якасці.