Аркадзь Куляшоў — беларускі пісьменнік, народны паэт БССР (1968), заслужаны работнік культуры Украінскай ССР (1973). Нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў.
У 1928 годзе скончыў пяцігодку ў Саматэвічах і паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, у 1931 годзе перайшоў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 года. Уваходзіў у БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на Беларускім радыё (1934—1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1936—1937). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
У 1941—1943 — на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», у 1943—1945 — у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945—1946 — рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958—1967 — начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1961 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947—1978).
Першы верш надрукаваў у 1926 годзе ў клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік». У рэспубліканскім друку першыя вершы з’явіліся ў 1927 годзе ў часопісе «Чырвоны сейбіт».
У 14-гадовым узросце Аркадзь Куляшоў напісаў свой хрэстаматыйны верш «Алеся» («Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая»), прысвечаны свайму першаму каханню. Кампазітар Ігар Лучанок напісаў музыку да песні, якая ўвайшла затым у рэпертуар ансамбля «Песняры».
Выйшлі кнігі паэзіі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» (1932), «Медзі дождж» (1932), паэмы «Аманал» (1933), «Гарбун» (1935), зборнікі «Мы жывём на граніцы» (1938), «Радзіме і правадыру» (1938), «У зялёнай дуброве» (1940), «Добры чалавек» (1941). У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў народна-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я гады, пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы[6].
Ваенны час істотна змяніў матывы і вобраз лірычнага героя куляшоўскай паэзіі — яны «апрануліся ў вайсковы шынель» і сталі салдатамі-абаронцамі. У 1942 годзе А. Куляшоў стварае верш «Над брацкай магілай». Аўтар апісвае ў ім момант пахавання загінуўшых байцоў. Падзеі адбываюцца ў тых месцах, дзе ваяваў паэт, і маюць фактычную аснову. Паэма «Сцяг брыгады», вершы «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Віцебская махорка», «Маці», «Быль аб цымбалах і цымбалісце» сталі класікай беларускай паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У іх паэт паказаў ге раізм і трагедыю народа, яго любоў да Айчыны і вернасць воін скаму абавязку. У вершах знайшлі адлюстраванне нязгас ныя ў пакутныя часы пачуцці кахання, сяброўскай вернасці і мацярынскай вялікай любові. Асноўным жанрам паэзіі А. Куляшова перыяду вайны становіцца балада. Паэма і вершы склалі кнігу («Сцяг брыгады», Масква, 1943).
У 1961 годзе А. Куляшоў напісаў невялікі верш, у якім паспрабаваў выявіць сваё разуменне сэнсу чалавечага існавання. Гэта твор, які пачынаецца радкамі «Спакойнага шчасця не зычу нікому…». У ім, як выразна відаць з самой назвы, паэт уступае ў канфлікт з агульнапрынятай чалавечай аксіёмай: «Хачу жыць спакойна і шчасліва».
Паэтычная творчасць А. Куляшова вельмі разнастайная і шматпланавая як у тэматычных, так і ў жанравых адносінах. Аўтар цесна суадносіць ідэйную накіраванасць сваіх вершаў з часам іх напісання, імкнецца адлюстраваць у іх эпоху, пачынаючы ад праблем мясцовых і вырастаючы да асэнсавання глабальных агульначалавечых аспектаў. Сярод самых папулярных пасляваенных кніг беларускіх аўтараў былі «Выбраныя вершы і творы» (1948) Аркадзя Куляшова[8]. Пазней выдадзены Зборы твораў у 2-х (1957, 1964), 4-х (1966—1967), 5-ці тамах (1974—1977).
Сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (з А. Кучарам, пастаўлены ў 1958), «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1960—1961) і «Запомнім гэты дзень» (з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1967).
А. Куляшоў вядомы ў беларускай літаратуры як выдатны перакладчык. У яго перакладах выйшлі раман Г. Эрыксана «Валацужная Амерыка» (1932), паэма А. Пушкіна «Цыганы» (1937) і раман у вершах «Яўген Анегін» (1949), паэма А. Парніса «Казанне пра Белаяніса» (1959), «Выбраная паэзія» М. Лермантава (1969), паэма «Энеіда» І. Катлярэўскага (1969), «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфела (1969), зборнік вершаў К. Куліева «Кніга зямлі» (1974), «Выбранае» С. Ясеніна (з Р. Барадуліным, 1976), асобныя творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф’ева, М. Рыльскага, А. Малышкі, М. Нагнібеды, Р. Гамзатава і інш.
Узнагароджаны дзвюма ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, дзвюма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за паэму «Сцяг брыгады», Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Новае рэчышча», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970) за пераклады вершаў і паэм М. Лермантава, «Энеіды» І. Катлярэўскага і «Спева аб Гаяваце» Г. Лангфела, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968).
Імя Куляшова носяць вуліцы ў Мінску і Магілёве. Працуе Літаратурны музей Аркадзя Куляшова. У 1978 годзе імя Аркадзя Куляшова было прысвоена Магілёўскаму дзяржаўнаму унірверсітэту. У 1979 годзе згодна пастановы Саюза пісьменнікаў Беларусі заснавана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова за творы паэзіі і драматургіі.