Янка Маўр (сапраўднае імя Іван Міхайлавіч Фёдараў) нарадзіўся 28 красавіка (10 мая) 1883 года ў г. Лібава (цяпер Ліепая Латвія). Беларускі пісьменнік, аўтар апавяданняў, аповесцяў і раманаў для дзяцей і моладзі.
Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, перакладаў. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1968). Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968).
У 1925 годзе ў часопісе «Беларускі піянер» надрукаваў першую навукова-фантастычную аповесць на беларускай мове «Чалавек ідзе», якая паклала пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай літаратуры. Аповесць надрукавана пад псеўданімам «Янка Маўр». Пасля чытацкага поспеху твора пісьменнік працягнуў працаваць у жанры дзіцячай прыгодніцкай і навукова-пазнавальнай літаратуры.
Янка Маўр пісаў пераважна для юных чытачоў. У творах «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1928) аўтар пастараўся абвергнуць уяўленне аб тубыльцах як аб крыважэрных людаедах, пазбаўленых элементарных чалавечых пачуццяў, людзях другога гатунку.
Аповесць «Чалавек ідзе» акрэсліла тую тэндэнцыю спалучэння пазнавальнасці і прыгодніцтва, якую Маўр развіў потым у наступных сваіх аповесцях і ў рамане «Амок» (1929) — пра паўстанні 1926 года на востраве Ява.
У 1930-х гадах пісьменнік ад «экзатычнага» іншаземнага матэрыялу, звярнуўся да родных мясцін, да жыццёвай рэальнасці, у якой дзейнічаюць юныя героі. Рушылі ўслед аповесць «Палескія рабінзоны» (1930), якая расказвала пра прыгоды двух падлеткаў у глухім Палессі.У аповесці «Палескія рабінзоны» аўтар выкарыстаў рабінзанаду, падказаную сусветна вядомым «Рабінзонам Круза» Даніэля Дэфо. Маўр, адкінуўшы псеўдарамантыку, захапленне экзотыкай далёкіх заморскіх краін, звярнуўся да свайго роднага краю і яго пазнання. Ён паказаў, што і пад беларускім небам, у далёкіх і блізкіх кутках роднага краю ёсць свая рамантыка і свая прыгажосць, кожны раз новая і нечаканая.
Эвалюцыя жанру прыгодніцкай аповесці прасочваецца і ў аповесці «ТВТ» (1934), якая атрымала першую прэмію на ўсебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі, пасля чаго ёю зацікавіўся Максім Горкі. Па просьбе Горкага Янка Маўр перавёў аповесць на рускую мову і адаслаў яму.
На працягу 1946—1948 гадоў Янка Маўр сумесна з Пятром Рунцом займаўся зборам і рэдагаваннем успамінаў беларускіх дзяцей аб вайне для кнігі «Ніколі не забудзем», якая выйшла ў 1948 годзе з прадмовай Якуба Коласа. Выдадзеная кніга атрымала высокую ацэнку не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Пасля вайны Янка Маўр апублікаваў цыкл апавяданняў аб трагічных выпрабаваннях, якія давялося выпрабаваць дзецям у ваенныя гады («Шчасце», «Дзве праўды», «Максімка»). У 1946 годзе Маўр напісаў апавяданне «Завошта?», у аснову якога лёг рэальны трагічны факт — гібель жонкі і сына пісьменніка М. Лынькова.
У 1948 годзе ён напісаў аўтабіяграфічную аповесць «Шлях з цемры». У 1954 году выйшла яго навукова-фантастычная аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага», якая стала трэцяй яго кнігай, напісанай у жанры сацыяльнай утопіі (першая — фантастычная казка «Падарожжа па зорках» (1927) з цыкла «Піянерскія казкі», а потым — «Аповесць будучых дзён» (1932)).
Пераклаў на беларускую мову твор юкагірскага пісьменніка Тэкі Адулока «Жыццё Імтэургіна старэйшага» (1935), асобныя творы Г. Х. Андэрсена, Дз. Маміна-Сібірака, М. Прышвіна, А. Чэхава («Дзетвара» і «Выбраныя творы», 1954), Р. Кіплінга, М. Твэна («Прыгоды Тома Сойера», 1939 і «Прынц і жабрак», 1940), Ж. Верна («80 000 кіламетраў пад вадой», 1937), В. Гюго, А. Гайдара, В. Шклоўскага, А. Конанава.
Творы Янкі Маўра пераведзены на рускую, украінскую, армянскую, таджыкскую, літоўскую, польскую і чэшскую, нямецкую і румынскую мовы. Асобныя яго творы выдадзены ў Амерыцы, Англіі, Кітаі і іншых краінах.