СМОТРИТЕ ТАК ЖЕ




Правовой портал
-
Детский правовой сайт Мir.pravo.by
Телефон доверия для детей и подростков
Помощь людям в трудной жизненной ситуации
:: ::

ЧЭРВЕНЬ

ЧЭРВЕНЬ

3 чэрвеня - 90 гадоў з днянараджэння Васіля Зуёнка, паэта, празаіка, перакладчыка, крытыка, літаратуразнаўцы, ганаровага члена НАН Беларусі, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы 

Нарадзіўся ў вёсцы Мачулішча Крупскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Барысаўскага педагагічнага вучылішча (1954) і аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1959) працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочае юнацтва», у 1960 — 1966 гг. — у газеце «Піянер Беларусі», быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць", галоўным рэдактарам "Бярозкі", з 1982 года сакратар праўлення СП БССР, а з 1990 па 1998 гг. - старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Першыя вершы былі надрукаваны ў 1954 годзе. Аўтар кніжак паэзіі «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Світальныя птушкі» (1982), «Жніўны дзень: Выбранае» (1985), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995) і многіх іншых. Напісаў кніжкі нарысаў і замалёвак для дзяцей «Любіць прыроду - любіць Радзіму» (1962), «Працай славіцца чалавек» (1963) і паэтычныя зборнікі «Вясёлы калаўрот» (1965), «Жылі-былі пад вадой» (1969), «Сонечны клубочак» (1972), «Будзем сілы набірацца» (1974), «Шапка-ўсёвідзімка» (1983), «Хата, поўная гасцей» (1987).
Перакладае з расійскай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і іншых моў. Разам з Р. Барадуліным пераклаў кніжку вершаў У. Лучука «Возера-Бульдозера» (1978).
У 1974 годзе за кнігу паэзіі «Сяліба» прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, а за паэму «Маўчанне травы» (1980) у 1982 годзе Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.

 


ЧЭРВЕНЬ

6 чэрвеня - 75 гадоў з дня нараджэння Аляксея Дударава, драматурга, сцэнарыста, тэатральнага дзеяча, акцёра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі СССР, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай тэатральнай прэміі 

 

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і калгаснікаў. Скончыў у 1968 годзе Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, працаваў слесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Скончыў у 1976 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «акцёр драмы і кіно». Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГа (1976—1979), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм» (Мінск, 1976—1983). З’яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў СССР (з 1979). З’яўляецца сакратаром Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1987). Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1991—2002 г. займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 г. з’яўляўся мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.
Дэбютаваў у друку ў 1973. Пісаў апавяданні, казкі для дзяцей. Вядомы як драматург і кінадраматург. Выдаў зборнікі апавяданняў «Святая птушка» (1979). Па сцэнарыях А. Дударава пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.).
Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984) прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэнічная варыяцыя па матывах паэмы М. Гусоўскага. Гістарычныя асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя.
У п’есе «Палачанка» (1998) Аляксей Дудараў паказвае гісторыю шлюбу Рагнеды і Уладзіміра ў святле вялікіх пачуццяў, страсцей. Палачанка праклінае Уладзіміра, і праклён гэты, у духу рамантызаваных твораў, пераносіцца на лёс усёй радзімы. А. Дудараў вельмі актыўна працуе ў жанры гістарычнай драмы: п’есы «Князь Вітаўт», «Ядвіга», «Чорная панна Нясвіжа», «Крыж» і інш. Гледача ў творах А. Дударава на гістарычную тэму прывабліваюць дынамічнасць сюжэта, займальнасць інтрыгі, экзотыка і захаваны каларыт эпохі. У творах драматурга сустракаем незвычайнага героя, надзеленага такімі вартасцямі, як вернасць ідэалу, высакароднасць, шляхетнасць, самаахвярнасць, адданасць Бацькаўшчыне.
Драматург абапіраўся на пэўную літаратурную традыцыю, калі ствараў меладраму «Кім» (2001). У гэтым творы падлетак шукае сродкі, каб вылечыць ад цяжкай хваробы сваю названую сястру, кідаецца ў розныя авантуры, якія прыводзяць да самых неверагодных метамарфозаў і супадзенняў. У фінале расчулены глядач атрымлівае чаканы «хэпі-энд». Да жанру «меладраматычнага дэтэктыву» належыць таксама п’еса А. Дударава «Люці» (2002).
Пераклаў на беларускую мову хроніку У. Шэкспіра «Рычард III».

 


ЧЭРВЕНЬ

24 чэрвеня - 125 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага, пісьменніка, перакладчыка

Сапраўднае імя Кузьмы Чорнага – Мікалай Карлавіч Раманоўскі. Ён нарадзіўся на Случчыне, у вёсцы Боркі (зараз – Борка-Бялевічы), дзе правёў першыя 7 гадоў свайго жыцця. У 1907 яго сям'я пераехала ў фальварак Вінцэтава, дзе яны працавалі парабкамі. Школ паблізу фальварка не было, а бацька будучага пісьменніка вельмі хацеў, каб старшы сын атрымаў добрую адукацыю, таму ўжо праз год яны з'язджаюць і селяцца ў мястэчку Цімкавічы, дзе знаходзілася народнае вучылішча. Мікалай паказаў сябе здольным вучнем, але паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю ў яго атрымалася толькі праз два гады пасля заканчэння вучылішча – у 1915, да гэтага ён разам з бацькам працаваў на гаспадарцы. Да часу вучобы ў семінарыі належаць і першыя літаратурныя спробы Мікалая.
У 1920 годзе ён скончыў вучобу, а ў 1922 ужо выкладаў у Цімкаўскай сямігадовай школе, але ўжо праз год з'ехаў у Мінск, каб паступіць там у толькі што адчынены Беларускі ўніверсітэт. У гэты ж час у газеце "Савецкая Беларусь" выходзяць апавяданні Мікалая Раманоўскага, падпісаныя псеўданімам "Кузьма Чорны". Чорным калісьці празвалі яго дзеда, вядомага ў сваёй акрузе майстра-сурвэтніка.
У снежні 1923 года пісьменнік становіцца сябрам толькі што створанага аб'яднання "Маладняк", шмат займаецца літаратурнай дзейнасцю. Першыя яго зборнікі – "Апавяданні" і "Срэбра жыцця" - выходзяць ужо праз два гады, у 1925-м. На некаторы час Кузьма Чорны вымушаны кінуць вучобу і з'ехаць у Крым праз хваробу лёгкіх, а вярнуўшыся ён пачынае працаваць у газеце "Беларуская вёска".
З гэтага часу Чорны публікуецца амаль кожны год: у 1926 ён становіцца старшынёй літаратурнага аб'яднання "Узвышша" і выходзяць адразу тры яго зборнікі: "Па дарозе", "Пачуцці" і "Хвоі гавораць", праз год Кузьма Чорны пачынае пісаць свій першы раман "Сястра", а ў 1928 выходзіць другі яго раман "Зямля".
Калі ў 1930 годзе пачаліся рэпрэсіі, Кузьма Чорны хутчэй выпадкова не страціў працу разам са шматлікімі сваімі сябрамі, якіх гэтыя падзеі закранулі. Яму давялося шмат у чым перагледзіць свій творчы падыход, і ў 1931 з'яўляецца раман "Бацькаўшчына", па якому да саракавых гадоў Чорны напісаў некалькі п'ес, у 1934 – так і не скончаны раман "Трыццаць год". Кузьма Чорны быў адным з арганізатараў Саюза пісьменнікаў, шмат дапамагаў маладым аўтарам.
Рэпрэсіі захліснулі Чорнашга толькі ў 1938 годзе: ён быў арыштаваны, але ўжо праз год яго выпусцілі з турмы, калі да ўлады прыйшоў Берыя. Заключэнне падарвала здароў'е пісьменніка, жахі засценкаў сказаліся і на псіхалагічны стане. Кузьма Чорны спяшаецца працягнуць літаратурную працу: да пачатку Другой сусветнай вайны ён напісаў тры раманы. Калі пачаліся баявыя дзеянні, ён уступіў у армію, але быў перанакіраваны ў групу журналістаў, працаваў у газеце "Раздавім фашысцкую гадзіну".
У 1942 годзе Кузьма Чорны разам з сям'ёй апынуўся ў Маскве, дзе працуе ў часопісе "Беларусь", дзе публікуецца пад псеўданімамі: Максім Алешнік, Арцём Чамярыца, Ігнат Булава з-пад Турава і іншымі. У гэты ж год асобнай кніжкай выходзяць яго сатырычныя фельетоны.
У 1943-44 гадах выходзяць, напэўна, самыя вядомыя раманы Кузьмы Чорнага: "Пошукі будучыні", "Млечны шлях" і "Вялікі дзень", над якім пісьменнік пачаў працаваць яшчэ на пачатку вайны.
Калі ў 1944 годзе быў вызвалены Мінск, Кузьма Чорны вярнуўся на радзіму, але жыць яму засталося ўсяго два месяцы. 22 лістапада 1944 года Кузьма Чорны памёр ад інсульту і быў пахаваны на Вайсковых могілках. Шмат раманаў і аповесцяў пісьменніка засталіся няскончанымі.
Кузьму Чорнага часта называюць беларускім Дастаеўскім і пачынальнікам беларускай філасофскай і псіхалагічнай прозы. Героі Чорнага, асабліва ў сталай яго творчасці, схільныя да самааналізу і рэфлексіі. Увага аўтара засяроджана на характарах і прычынах чалавечых паводзінаў. Кузьма Чорны імкнецца даць сваім героям не толькі вонкавую, але і глыбокую ўнутраную характэрыстыку. Ён заўсёды стаіць на баку маральнасці і чалавечнасці, закранае праблемы выхавання, паводзінаў людзей у цяжкі час войнаў і рэпрэсій.

 


ЧЭРВЕНЬ

25 чэрвеня - 120 гадоў з дня нараджэння Петруся Броўкі, празаіка, грамадскага дзеяча, народнага  паэта Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі імя Я.Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі і тэхнікі, Героя Сацыялістычнай Працы 

Нарадзіўся ў вёсцы Пуцілкавічы (Віцебская вобласць) у сялянскай шматдзетнай сям’і. Бацька паэта займаўся вырабам мэблі, а маці вяла хатнюю гаспадарку.
Скончыў царкоўна-парафіяльную школу ў Лепелі, а пазней паступіў у Лепельскае вучылішча, але не скончыў яго — сям’я не змагла аплаціць яго вучобу. Яшчэ да рэвалюцыі пазнаёміўся з творамі Купалы і Коласа. Таксама высока цаніў паэзію рускага класіка Мікалая Някрасава.
У 1918 годзе, у 13-гадовым узросце, пачаў працаваць. Да 1924 года паспеў змяніць некалькі прафесій — перапісчык, справавод, рахункавод, селькар. У 1923 годзе выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў сваёй вёсцы. А ў 1924 – кіраўніком Маладалецкага сельсавета.
У 1925-1927 гадах быў загадчыкам аддзела Акружкама камсамола ў Полацку. У 1927-1928 гадах працаваў адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына». Таксама падчас жыцця ў Полацку наведваў вячэрнюю школу, каб запоўніць прабелы ў адукацыі.
У 1928 годзе уступіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пазней у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Дарэчы, з «Маладняком» звязаная цікавая гісторыя, практычна не згадваная біёграфамі Петруся Броўкі.
У пачатку 1927 года пісьменнік уступіў у «Маладняк», але прабыў там зусім нядоўга, пакінуў арганізацыю і стаў адным з заснавальнікам эпатажнай літаратурнай арганізацыі «Беларуская літаратура-мастацкая камуна». Броўка прымаў актыўны ўдзел у жыцці камуны, аб чым сведчаць яго вершы, апублікаваныя ў часопісе гэтага аб’яднання «Росквіт»: «Чую звон…», «Не выгінай свае далоні», «Дайце новую музыку» і «Даўнейшае».
Пятрусь быў у блізкіх адносінах з Янкам Купалам. Купала, у сваю чаргу, цаніў Броўку. З-за іх блізкіх адносін да Броўкі прымацавалася мянушка «ад’ютант Купалы». Многія зайздросцілі яго сяброўству з такім бачным паэтам.
У 1931 годзе будучы народны паэт скончыў педагагічны факультэт БДУ. У 1940 — прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Але з-за вайны не змог рэалізаваць сябе на гэтай пасадзе.
У 1941-1942 годах служыў у чырвонай арміі, працаваў у франтавым і партызанскім друку, у газеце «За савецкую Беларусь». Падчас вайны нацысты вывезлі маці паэта ў Асвенцым, дзе яна памерла. Броўка прысвяціў ёй паэму «Голас сэрца» (1960).
У 1943-1945 гадах быў адказным сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, у 1945 зноў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Гэтую пасаду ён займае да 1948 года, калі робіцца старшынёй Саюза пісьменнікаў БССР.
У 1967-1980 гады Броўка — галоўны рэдактар Беларускай савецкай энцыклапедыі (цяпер «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі»).
У розныя гады абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947-1955) і СССР (1956-1980).
Свой першы верш «Ой, не шапчы, мая бярозка» напісаў у 1926 годзе. Ён тады толькі пераехаў у Полацк, даводзілася жыць у горадзе, і паэт вельмі сумаваў па вёсцы. Пад гэтымі ўражаннямі і быў напісаны верш. Яго надрукавалі ў газеце «Чырвоная Полаччына» і ў літаратурным альманаху «Наддзвінне». Першы зборнік вершаў «Гады як шторм» апублікаваў у 1930 годзе.
Падчас вайны паэт напісаў пранікнёную паэму «Беларусь», у якой апяваецца прыгажосць нашай краіны, яе вялікая гісторыя і пакуты, якія яна перажыла за ўвесь час. Але паэт не змог адысці ад ідэалагічнага складніка. Партыя, парады, братэрства з рускім народам — усё гэта прысутнічае ў паэме.
У 1957 годзе напісаў раман «Калі зліваюцца рэкі», прысвечаны будаўніцтву ГЭС на мяжы трох рэспублік, сяюроўству беларусаў, літоўцаў і латышоў.
Галоўную яго спадчыну складаюць вершы. І, вядома ж, справа ўсяго яго жыцця — Беларуская энцыклапедыя, да выдання якой ён прыклаў нямала сіл.
У 1987-1992 гадах выйшаў збор твораў паэта ў 9 тамах.
Некаторыя творы паэта былі экранізаваныя: «Каландры» (у 1931 годзе) і «Калі зліваюцца рэкі» (у 1961 годзе).
Таксама праявіў сябе як перакладчык — перакладаў на беларускую мову творы Шаўчэнкі, Маякоўскага, Тычыны, Твардоўскага, Байрана і іншых.
Пятрусь Броўка - Герой Сацыялістычнай Працы, уладальнік трох ордэнаў Леніна, ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэна Чырвонай Зоркі, ордэна Дружбы народаў, ордэна «Знак Пашаны».
У 1947 удастоены Сталінскай прэміі другой ступені за паэмы «Хлеб» і «Думы пра Маскву», а ў 1951 тая ж Сталінская прэмія, толькі ўжо трэцяй ступені, за зборнік вершаў «Дарога жыцця».
У 1962 годзе атрымаў Ленінскую прэмію за зборнік вершаў «А дні ідуць…».
У 1957 узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Я.Коласа за раман «Калі зліваюцца рэкі». А ў 1970 годзе ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я.Купалы за зборнік вершаў «Між чырвоных рабін».
У 1976 годзе за актыўны ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
У Мінску, Віцебску, Гомелі, Полацку, Ушачах і Лепелі ёсць вуліцы Броўкі. У Беларусі існуе 2 музеі паэта. Яго імя таксама носяць Вялікапольская сярэдняя агульнаадукацыйная школа, калгас «Новае жыццё». А таксама — выдавецтва Беларуская Энцыклапедыя.
На вершы паэта напісана нямала песен. Самым жа папулярным вершам у выканаўцаў па-ранейшаму застаецца "Пахне чабор…".


Соседние подразделы:
СТУДЗЕНЬ
Люты
САКАВІК
КРАСАВІК
МАЙ
ЛІПЕНЬ
ЖНІВЕНЬ
ВЕРАСЕНЬ
ЛІСТАПАД

Количество просмотров: Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!
Государственная символика

N17471

On-Line проект
ЗНАМЕНИТЫЙ ЗЕМЛЯК

N17472

ШЧОДРАЕ СЭРЦА МІХАСЯ ЛЫНЬКОВА
Сводный Электронный Каталог



Базы данных




-
МЫ В СОЦСЕТЯХ
    
Витебские Вести
МЧС информирует
РЕГИСТРАЦИЯ
Портал рейтинговой оценки
Наш адрес в сети

N5204