16 жніўня - 70 гадоў з дня нараджэння Генадзя Аўласенкі, паэта, пісьменніка, драматурга
Нарадзіўся ў в. Ліпавец Ушацкага раёна. У 1972 годзе скончыў Ушацкую сярэднюю школу, служыў у арміі. Скончыў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1984). Некаторы час жыў і працаваў у Якуціі і Забайкаллі. 3 1984 года жыве ў г. Чэрвень Мінскай вобласці. Больш за дваццаць гадоў працаваў настаўнікам Вайнілаўскай базавай школы Чэрвеньскага раёна, дзе выкладаў біялогію і хімію. Затым быў рэдактарам аддзела падлеткавай творчасці часопіса «Маладосць». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1999 года. У 2014–2015 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Бярозка».
Яго вершы друкуюцца ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, увайшлі ў калектыўныя зборнікі паэзіі «Першая сустрэча» (1989), «Дзень паэзіі» (1989), «Мая Ігуменшчына» (1994, 1996), «Бацькаўшчына» (2000), «Бацька наш Нёман» (2001). У 2003 годзе выйшла кніга «Час збіраць камяні», і ў гэтым жа годзе адбылася яе прэзентацыя на малой Радзіме паэта – ва Ушацкай ЦРБ імя Е. Я. Лось. Генадзь Пятровіч шмат піша для дзяцей, друкуецца ў перыядычных выданнях для дзяцей. Яго творы апублікаваны ў калектыўным зборніку «Я – Чалавек».
Ён з'яўляецца лаўрэатам некалькіх рэспубліканскіх конкурсаў драматычных твораў (1995, 1997), а на конкурсе 2000 года былі адзначаны тры яго п'есы. Вершы і п'есы Генадзя Аўласенкі неаднаразова гучалі на рэспубліканскім радыё.
Прозу пачаў пісаць значна пазней. Спачатку гэта быў цыкл невялікіх беларускамоўных апавяданняў пад агульнай назвай: «На мяжы рэальнага і фантастычнага». Апавяданні гэтыя неаднаразова друкаваліся ў часопісе «Маладосць», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», газетах «Звязда», «Голас Радзімы», «Настаўніцкая газета». Адно з яго апавяданняў у 2007 годзе стала лепшым на конкурсе апавяданняў, які штогод праводзіць газета «Звязда». У 2008 годзе ў выдавецтве «Каўчэг» выйшаў фантастычны раман «Гісторыя замест матэматыкі».
У 2009 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшла кніга-казка «Дзіўныя прыгоды маленькага Вецярка з вентылятара», у гэтым жа годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла кнігу-казку «Вася Лайдачкін у Краіне Шкодных Звычак». У 2012 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшаў працяг прыгод «Вецярка з вентылятара», а ў 2014 годзе – зборнік рэальна-містычна-фантастычных апавяданняў «Ключ, які нічога не адмыкае», і яшчэ адзін працяг «Вецярка...».
Сярод апошніх выданняў: зборнік гумарыстычных вершыкаў «Верш, дзе ўсё наадварот» (2015), вершаваны зборнік для дзяцей «Зайка польку танцаваў» (2016). У 2015 годзе ў Маскве ў выдавецтве «Экспа» выйшаў ілюстраваны даведнік для дзяцей «Займальная хімія», дзе адным з аўтараў з'яўляецца Генадзь Аўласенка.