Міхась Лявонавіч Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 г. у вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і сельскага настаўніка. Бацька – Лявон Клімавіч – быў дырэктарам школы, а маці – Марына Міхайлаўна – займалася хатняй гаспадаркай.
Пра дзяцінства ён пазней раскажа ў сваіх творах, адзін з якіх так і будзе называцца «Дзяцінства, якое мы помнім». Гэта аповед пра пакаленне, на долю якога выпала вайна. Самі героі не ваявалі, але яны разам з дарослымі перанеслі на сваіх плячах усе выпрабаванні ваеннага ліхалецця: смерць родных людзей, пасляваенны голад і нястачу. Яны рана сталі дарослымі і назаўсёды захавалі памяць пра вайну.
У 1954 г. будучы пісьменнік скончыў Нова-Ельненскую сярэднюю школу, а праз пяць гадоў (у 1959 г.) – і аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Сваё далейшае жыццё Міхась Стральцоў звязаў з журналістыкай: ён працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (1959-1961) і часопісах «Полымя» (1961-1962), «Маладосць» (1962-1968). У 1983г. незадоўга да заўчаснай смерці, стаў загадчыкам аддзела крытыкі часопіса «Нёман». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1962 г. Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1988, пасмяротна, за кнігу вершаў «Мой свеце ясны»).
Пачаў пісаць у школьныя гады. Яго першыя вершы на рускай мове былі змешчаны ў вучнёўскім рукапісным часопісе «Прамень» (1952), потым з'явіліся ў раённай газеце «Калгасны шлях» (1965). Першае апавяданне «Дома» надрукаваў у 1957г. у часопісе «Маладосць».
Міхась Стральцоў аўтар зборнікаў апавяданняў «Блакітны вецер» (1962), «Сена на асфальце» (1966); аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970); кнігі прозы «Падарожжа за горад» (апавяданні, аповесць, 1986); кніг выбраных твораў «На ўспамін аб радасці» (1974), «Выбранае» (проза, паэзія, эсэ, 1987).
Выйшлі зборнікі вершаў «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986).
Міхась Стральцоў актыўна займаўся перакладчыцкай дзейнасцю: пераклаў на беларускую мову раман Ч. Айтматава «Буранны паўстанак» (1987), асобныя творы рускіх, украінскіх, італьянскіх, лацінаамерыканскіх пісьменнікаў.
Памёр Міхась Лявонавіч Стральцоў 23 жніўня 1987 г.