Вера Вярба (1942-2012) – беларуская паэтэса, перакладчыца. Сапраўднае імя - Гертруда Пятроўна Сакалова.
Нарадзілася 14 студзеня ў в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Працавала ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1972-77), часопісе «Беларусь» (1980-83).
Веры Вярбе было наканавана нарадзіцца і стаць паэткай. Першая ж яе кніга «Вочы вясны» выклікала добрыя ўражанні, звярнула ўвагу крытыкі. Адзначалася, што некаторыя вершы з гэтай кнігі сталі плённым набыткам беларускай паэзіі.
Творы паэтэсы вызначаюцца летуценнасцю, рамантычнай прыўзнятасцю, не пазбаўленыя рэалістычных матываў і вобразаў. Яна вядома аматарам паэзіі як паэтэса са сваім голасам, са сваім стылем, са сваёй манерай пісьма.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўна» (1986); ліра-эпічнай паэмы «Каліна» (1968), паэмы «Сіняя бухта» (1975, пра сцежкі маленства, родны край); паэмы «Падаліст» (1975, пра гісторыю Мінска, гераічны лёс свайго народа) і інш.