Алесь Савіцкі (Аляксандр Ануфрыевіч Савіцкі) - пісьменнік, грамадскі дзеяч. Ганаровы грамадзянін г. Полацка (1987). Член Саюза пісьменнікаў СССР і СП БССР з 1961 года.
Нарадзіўся 8 студзеня 1924 года ў Полацку ў сям’і кадравага афіцэра Чырвонай Арміі. З 1942 года — партызан атрада «Смерць фашызму», з 1943 года — камандзір падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944—1945 гадах — у Савецкай Арміі, удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна.
Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1943 года (Ветрынскі раён, газета «Чырвоная звязда»). Першы празаічны твор апублікаваны ў 1948 годзе (полацкая абласная газета «Бальшавіцкі сцяг»). Аўтар мастацкіх і дакументальных кніг, аповесцяў для дзяцей. Шэраг твораў перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую мовы.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені (1985), «Знак Пашаны» (1984), Славы III ступені (1944), Францыска Скарыны (2009). Лаўрэат Прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1970) — за аповесць «Самы высокі паверх», Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа (2002) — за кнігу «Дзівосы Лысай гары», Літаратурная прэмія Расіі «Прохараўскае поле» (2010) — за раман «Верасы» і трылогію «Дзівосы Лысай гары».