Арту́р Вóльскі (Арту́р Зэ́йдэль-Вóльскі) — беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 23 верасня 1924 года у пасёлку Койданава (цяпер Дзяржынск) Мінскай вобласці ў сям’і пісьменніка Віталя Вольскага. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1955 года, член Беларускага Саюза тэатральных дзеячаў з 1963 года.
Дэбютаваў у друку ў 1937 годзе. Напісаў на рускай мове аповесць «Родная семья» (Хабараўск, 1953, у суаўтарстве з Б. Іртышскім). Аўтар зборнікаў паэзіі «Водбліскі далёкіх маякоў» (1958), «Далёкія і блізкія прычалы» (1962), «Дабрата» (1966), «Выратавальны круг» (1974), «Строма» (1982), «Чалавек, якому баліць» (выбранае, 1984), «Наваселле дрэў» (1990). Аўтар кніг паэзіі, прозы, казак для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Дзедаў госць» (1958), «Чырвоная зорка» (1961), «Чарнічка» (1964), «Рагатка» (1971), «Што такое мікра тое» (1971), «Лясныя мастакі» (1973), «Жывыя літары» (1973), «А куды падаўся дождж» (1974), «Ізумрудавы горад, дзе ты?..» (1977), «Еду ў госці да слана» (1978), «Сонца блізка ўжо зусім» (1984), «Дабяруся да нябёс» (1984), «Ад А да Я — прафесія мая» (1987), апавядання-эсэ «Хлеб — усяму галава» (1989). Кнігі Выбраных твораў выходзілі ў 1971, 1974.
Сумесна з П. Макалём напісаў п'есы «За лясамі дрымучымі» (1959, пастаўлена ў 1958), «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1962). У суаўтарстве з Э. Доўнер напісаў кінасцэнарый «Марынка, Янка і тайны каралеўскага замка» (пастаўлены ў 1978). Аўтар п'ес-казак «Сцяпан — вялікі пан» (1979, пакладзеная на музыку Ю. Семянякам і пастаўленая ў 1979 на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі — першая беларуская аперэта для дзяцей), «Тры Іваны — тры браты» (1985), «Граф Глінскі-Папялінскі» (1986), «Каб не змаўкаў жаваранак» (1989). На Беларускім тэлебачанні пастаўлены спектаклі «Апошняя ноч Алаізы» (1986), «Водар папараці» (1989).
Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыта.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалем «За баявыя заслугі» і іншымі медалямі.