Рыгор Няхай — беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 5 снежня 1914 года ў в. Сяліба Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Друкавацца пачаў у 1935 годзе (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў вершаў «Па сонечных узгорках» (1939), «Мае пакаленне» (1950), «Вялікі мой і ціхі акіян» (1954), «Размова з восенню» (1961), «Асеннія пракосы» (выбранае, 1973), «Слова сябрам» (1982), зборніка апавяданняў і аповесцей «Навальнічнае рэха» (1958), «Героі не адступаюць» (1965), «Сарочы лес» (1966), «Алёшка-атаман» (1967), «Туман над стэпам» (1971), «Шлях на Эльбу» (1976), нарыса «Минская область» (1968, 2-е дапоўненае і перапрацаванае выданне ў 1974). Для дзяцей напісаў кніжкі «Пра храбрага хлопчыка» (вершы, 1962), «Як расцвітае кветка» (апавяданні, 1968), «Я з табою, гвардыя» (аповесць, 1983). У 1984 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
На беларускую мову пераклаў «Дзень айца Сойкі» С. Тудара (1952), «Над Чарамошам» М. Стэльмаха (1955), «Памфлеты» Ю. Мельнічука (1961), асобныя творы А. Твардоўскага, М. Рыльскага, П. Тычыны, А. Малышкі, Ю. Збанацкага і іншых рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Зрабіў літаратурны запіс кніг «Партызанскі край» В. Лівенцава (1950), «Браты па зброі» І. Вятрова (1962), «Палескія былі» І. Шубітыдзэ (1969).
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.