Міхась (Міхась Ціханавіч ) Лынькоў - беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 30 лістапада 1899 года в. Зазыбы-2 Віцебскага (цяпер Лёзненскі) раёна Віцебскай вобласці ў сям’і чыгуначніка.
Дэбютаваў вершам у 1919 годзе (смаленская газета «Борьба»), першыя апавяданні — у 1926 годзе (бабруйская газета «Камуніст» і зборнік бабруйскага філіяла «Маладняка» — «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зверыядавец» (аповесць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданне ў 1969), нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданне «Агні Танганьікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданні» (1938, 1941, 1947), Зборы твораў у 4-х (1967—68) і ў 8 тамах (1981—85).
Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).
М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.
Акадэмік АН БССР. Член Саюза Пісьменнікаў СССР (1934—1975 гг.).
Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1962). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».
Выпушчана юбілейная манета Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Міхася Лынькова.
12.1.1976 Пастановай Савета Міністраў БССР Крынкаўскай школе (Лёзненскі раён) было прысвоена імя М. Ц. Лынькова. У школе створаны музей, які налічвае больш за 600 экспанатаў, у тым ліку каля 300 арыгінальных. Сярод іх асабістыя рэчы пісьменніка — кепка, гальштук, значок «Выдатнік народнай асветы БССР», дэпутацкі білет.
Імя М. Лынькова носяць вуліцы ў Мінску і Лёзне.