Мікалай Матукоўскі - беларускі драматург. Нарадзіўся 12 верасня 1929 года ў в. Калюціна Расонскага раёна ў сялянскай сям'і.
Першая яго камедыя – вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (або «Уваскрасенне Дон Кіхота» (1966; радыёпастаноўка, 1967). Драматургічны талент Матукоўскага асабліва раскрыўся ў сатырычных камедыях «Амністыя» (1970; аднайменны кінафільм, 1982), «Мудрамер» (1987).
Шырокую вядомасць набылі дынамічныя, займальныя па сюжэце драмы «Тры дні і тры ночы» (1967), «Апошняя інстанцыя» (1974), «Наследны прынц» (1976, пад назвай «Наследнік»), «Махляр паняволі» (1978), «Паядынак» (1984), трагікамедыі «Калізей» (1992), «Зомбі, або Мудрамер-2» (1996) і іншыя.
У п'есах М. Матукоўскі вырашаў вострыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін.
Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў: «Мінск – горад-герой» (1974), «Імгненне Перамогі» (1975); мастацкіх фільмаў: «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980); кніжнай публіцыстыкі «Чужая бяда» (1987). Піша нарысы, эсэ, публіцыстычныя артыкулы.
У 1996 годзе на драматычны лад перапрацаваў вядомую казку З. Бядулі «Сярэбраная табакерка». У 1997 годзе напісаў драму «Беражыце эдэльвейсы» паводле аповесці «Альпійская балада» В. Быкава.
Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Заслужаны работнік культуры Беларусі (1977).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за спектакль тэатра імя Я. Купалы па п'есе «Мудрамер».