Мікола (Мікалай Міхайлавіч) Мятліцкі - беларускі паэт. Нарадзіўся 20 сакавіка 1954 года ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.
Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1977). Працаваў карэспандэнтам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1977—1983), старэйшым рэдактарам рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1983—2002). У 2002—2014 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Полымя».
Першы зборнік вершаў «Абеліск у жыце» выйшаў у свет у 1980 годзе. Выдаў кнігі паэзіі «Мой дзень зямны» (1985), «Ружа вятроў» (1987), «Горкі вырай» (1988), «Шлях чалавечы» (1989), «Палескі смутак» (1991), «Блаславенне» (1991), «Чаканне сонца» (1994), «Бабчын. Кніга жыцця.» (1996), «Бабчин. Книга жизни» (1997) і іншыя. Для дзяцей — вершы «Няправільныя санкі» (1991).
Шмат часу аддаваў перакладам паэзіі народаў свету. Сярод іх кніга паэзіі казахскага асветніка, першапраходца на ніве прыгожага пісьменства Абая «Стэпавы прастор». У 2012-м паэт выдаў анталогію «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая», затым пабачыла свет анталогія «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: 100 паэтаў Кітая ХХ стагоддзя».
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1981 года.Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986) — за зборнік вершаў «Мой дзень зямны», Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1998) — за кнігу вершаў «Бабчын: Кніга жыцця», апублікаваную ў 1996 годзе, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры.
Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2019).