Васі́ль Хо́мчанка - беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 12 студзеня 1919 года ў вёсцы Канічы раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Мінскім хіміка-тэхналагічным тэхнікуме, на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1960 г. У 1972-1985 г.г. — загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1985 г. на творчай рабоце.
У 1930-я гады выступіў у друку з вершамі (газета «Піянер Беларусі», часопіс «Іскры Ільіча»). Першыя кнігі апавяданняў выйшлі ва Уладзіміры на рускай мове — «Куда исчез гриб» (1957), «Жаворонок» (1958), «Рассказы» (1959). Пісаў пераважна для дзяцей. У Мінску на беларускай мове выдаў зборнікі апавяданняў «Наша вячэра» (1959), «Рукавіцы генерала Даватара» (1960), «Аднойчы майскім днём» (1962), «Суседзі» (1962), «Чырвоны мак» (1964), «Верны рыцар» (1965), «Тваё чэснае слова» (1965), «Зімовы дождж» (1968), «Сустрэча з цудам» (1969), «Паляванне на львоў» (гумарэскі, 1970), «Цёплая зямля» (1971), «Я ўжо вялікі» (1972), «Уначы пад сонцам» (1974), «Паклон» (1976), «Лёгкая рука» (гумарэскі, апавяданні, 1979), аповесці «Чырвоныя хвалі» (1968), «Я прынёс вам радасць» (1981). Аповесць «Пры апазнанні — затрымаць» (1983) пра жыццёвы і творчы шлях Ф. Багушэвіча. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Бацькава шабля» (1982), «Чэкістам стала вядома» (1985), «Стрэл у акно» (1988) і рамана «Вяртанне ў агонь» (1978). У кнізе аповесцей і апавяданняў «Цар — зэк Сямён Івашкін» (1992) адлюстраваны падзеі перыяду рэпрэсій.
Аўтар сцэнарыяў мастацкага фільма «Ветразі майго дзяцінства» (пастаўлены ў 1982) і тэлевізійнага «Незнаёмая песня» (пастаўлены ў 1983).
Пераклаў на беларускую мову казку Р. Кіплінга «Чаму ў слоніка доўгі нос» (1974), апавяданні латышскіх і літоўскіх пісьменнікаў.